ЦЭНТРА́ЛЬНАЯ А́ФРЫКА, Экватарыяльная Афрыка,

прыродная вобласць у Афрыцы, у прыэкватарыяльнай зоне паміж 7—8​o паўн. ш. і 12—30​o паўд. ш. Ахоплівае пераважна тэр. Конга ўпадзіны і пласкагор’яў, што яе акаймоўваюць; на З прылягае да Атлантычнага ак. і Гвінейскага зал., на У мяжуе з Усх.-Афрыканскім пласкагор’ем. На тэр. Ц.А. поўнасцю ці часткова знаходзяцца дзяржавы: Ангола, Габон, Дэмакр. Рэспубліка Конга, Замбія, Камерун, Конга, Цэнтральнаафр. Рэспубліка, Экватарыяльная Гвінея; у яе склад уключаюць таксама астраўную дзяржаву Сан-Таме і Прынсіпі. Выш. 300—500 м у цэнтр. ч. ўпадзіны, 500—1000 м на Пн і З, 1000—1500 м і больш на ПдУ.

Рэльеф некаторых ускраінных зон моцна расчлянёны, закрануты маладымі глыбавымі рухамі (узбярэжжа Гвінейскага зал., дзе на лініі тэктанічнага разлому знаходзіцца найвыш. яе пункт — вулкан Камерун (4070 м). Клімат пераважна экватарыяльны, пастаянна вільготны (ападкаў больш за 1500 мм за год, на зах. схілах Камеруна да 10000 мм); на Пн і Пд — субэкватарыяльны, летневільготны (ападкаў 600—1000 мм за год); на значнай ч. ўзбярэжжа Атлантычнага ак. — трапічны пасатны (ападкаў 200—300 мм за год). Сярэднегадавыя т-ры 25—28 °C. Густая і мнагаводная рачная сетка ў бас. р. Конга (Заір). Рэкі маюць шмат парогаў, вадаспадаў, вял. запасы гідраэнергіі. Азёр мала. Вял. плошчы заняты балотамі. Каля экватара вечназялёныя лясы (гілеі) на чырв.-жоўтых латэрытных глебах; на Пн і Пд змяняюцца лістападнымі вечназялёнымі лясамі і высакатраўнымі саваннамі на чырв. глебах. Па далінах рэк галерэйныя лясы, у вусцях мангравыя зараснікі. Водзяцца малпы, у т. л. шымпанзэ і гарыла, паўмалпы галага, кутасавухія свінні, калючкахвосты, віверы, лятучыя мышы; вял. разнастайнасць птушак, рэптылій, насякомых.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 17, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)